Перайсьці да зьместу

Джон Лок

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Джон Лок
па-ангельску: John Locke
Дата нараджэньня 29 жніўня 1632
Месца нараджэньня Рынгтан, Сомэрсэт, Ангельшчына
Дата сьмерці 28 кастрычніка 1704
Месца сьмерці Эсэкс, Ангельшчына
Школа/традыцыя брытанскі эмпірызм, тэорыя сацыяльнага кантракта, натуральнае права
Пэрыяд Філязофія XVII ст.
Кірунак ангельская філязофія
Асноўныя зацікаўленасьці мэтафізыка, эпістэмалёгія, палітычная філязофія, філязофія сьвядомасьці, адукацыя
Значныя ідэі tabula rasa, «government with the consent of the governed»; state of nature; rights of life, свабода і ўласнасьць
Аказалі ўплыў Плятон, Арыстотэль, Авіцэна, Тамаш Аквінскі, Дэкарт, Гобс, Ібн Туфайль, Гроцы, Рутэрфорд, Хукэр, Філмэр,
Наступнікі Дэйвід Г’юм, Імануіл Кант, Бэрклі, Пэйн, Сьміт і шматлікія наступныя філёзафы-палітыкі, уключаючы айцоў-заснавальнікаў ЗША, Артур Шапэнгаўэр
Творы ў [[
en:s:Author:John Locke|Вікікрыніцах]]

Джон Лок (па-ангельску: John Locke; 29 жніўня 1632, Рынгтан, Сомэрсэт, Ангельшчына — 28 кастрычніка 1704, Эсэкс, Ангельшчына) — брытанскі пэдагог і філёзаф, прадстаўнік эмпірызму і лібэралізму. Спрыяў разьвіцьцю сэнсуалізму. Яго ідэі аказалі вялізарны ўплыў на разьвіцьцё эпістэмалёгіі і палітычнай філязофіі. Ён шырока прызнаны як адзін з самых уплывовых мысьляроў Асьветніцтва і тэарэтыкаў лібэралізма. Лісты Лока паўплывалі на Вальтэра і Русо, шматлікіх шатляндкіх літаратараў Асьветніцтва і амэрыканскіх рэвалюцыянэраў. Яго ўплыў таксама адлюстраваны ў амэрыканскай Дэклярацыі незалежнасьці.

Тэарэтычныя пабудовы Лока адзначылі і больш позьнія філёзафы, такія як Дэйвід Г’юм, Імануіл Кант. Лок быў першым філёзафам, які выказваў асобу праз неперарыўнасьць сьвядомасьці. Ён таксама пастуляваў, што розум зьяўляецца «чыстай дошкай», то бок насуперак дэкартаўскай філязофіі Лок сьцьвярджаў, што людзі нараджаюцца без прыроджаных ідэяў, і што веданьне замест гэтага вызначанаецца толькі досьведам, атрыманым праз пачуцьцёвае успрыманьне.

Пэдагагічная дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лок напісаў пэдагагічны трактат «Думкі пра выхаваньне» (1693), складаньне «Пра кіраваньне розумам».

Самае галоўнае ў чалавеку — выхаваньне фізычнае, разумовае і маральнае. Канчатковую мэту выхаваньня Лок уяўляў у забесьпячэньні здаровага духу ў здаровым целе. Усе складальнікі выхаваньня павінныя быць узаемазлучанымі. Уяўленьні Лока пра выхаваньне складаліся на аснове ўласных назіраньняў як настаўніка ў шляхецкіх сем’ях. Ім распрацаваныя прыёмы і спосабы разьвіцьця разважаньня чалавека. Паводле тэорыі Лока, у чалавека няма прыроджаных ўяўленьняў і ідэяў. Ён зьяўляецца на сьвет «чыстай дошкай», гатовы ўспрымаць навакольле сродкам сваіх пачуцьцяў, праз унутраны досьвед — рэфлексію. Вялікае значэньне Лок аддаваў дысцыпліне: дзіцяці трэба караць толькі за ману, блюзьнерства і ўпартасьць. Караць можна любым спосабам, але лупцаваць павінныя не бацька і не выхавальнік, а наймальнік.

Лок быў перакананы ў мэтазгоднасьці сацыяльнай (станавай) дэтэрмінацыі школьнай адукацыі. Ён апраўдваў розныя тыпы навучаньня: паўнавартаснае выхаваньне джэнтльмэнаў і абмежаванае выхаваньнем працавітасьці і рэлігійнасьці немаёмных. Лок пашырыў межы сфэраў ведаў, якія павінныя вывучаць джэнтльмэн (бухгальтэрыя, рахункаводзтва…), паказаў на неабходнасьць выкладаньня навыкаў сацыяльных паводзінаў — «добрыя манеры і веданьне сьвету». Навучаньне, паводле Лока, — гэта працэс фармаваньня грамадзкіх і маральных асноваў асобы.

У «Думках пра выхаваньне» ўтрымліваецца праграма выхаваньня джэнтльмэна, справавога чалавека новага грамадзтва. Аддаючы даніну традыцыям сьвецкага выхаваньня — навучаньне танцам, фэхтаваньню, верхавой язьдзе і г. д., Лок настойваў на практычнай скіраванасьці навучаньня, неабходнага «для справавых заняткаў у рэальным сьвеце». Для ўдасканаленьня розуму Джон Лок лічыў неабходным вызначыць кола літаратуры для самастойнага вывучэньня. Параенае ім кола чытаньня ўтрымліваецца ў ягоных «Думках пра тое, што чытаць і вывучаць джэнтльмэну» (1703), якія зьяўляюцца нібыта бібліяграфічным дадаткам да «Думак пра выхаваньне». Сюды ён уключыў кнігі па гісторыі, геаграфіі, лёгіцы, маралі і філязофіі, мастацтву кіраваньня (палітыцы), мастацтву правільнага пісьма і маўленьня і г. д. «Думкі пра выхаваньне» адчыняюцца разьдзелам пра фізычнае разьвіцьцё і выхаваньне дзіцяці, і толькі пасьля гэтага разглядаецца разумовае і маральнае. Лок лічыў, што фізычная праца — розныя выгляды рамесных і сельскагаспадарчых працаў — здымае стомленасьць ад вучэбных заняткаў, умацоўвае здароўе.

Праект «Працоўныя школы» (1696). У гэтай нататцы Лок прапаноўваў ствараць у кожнай грамадзе выхаваўчыя ўстановы для дзяцей бядноты ад 3 да 14 гадоў, свайго роду лучнасьць дашкольных установаў і элемэнтарных школ. Там павінныя навучацца пачаткам рамёстваў, прывучацца да працавітасьці. Лок раіў паказваць дзецям на навочных прыкладах, як ім паступаць і чаго варта пазьбягаць. Асноўныя мэтады навучаньня: практыка, паўторныя дзеяньні, замацаваньне станоўчага досьведу паводзінаў.

Палітычныя погляды

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Натуральны стан — стан поўнай волі й роўнасьці пры распараджэньні сваёй маёмасьцю й сваім жыцьцём. Гэта стан мірнасьці й добразычлівасьці. Закон прыроды загадвае быць у мірнасьці й бясьпецы.
  • Натуральнае права — права на ўласную маёмасьць; права на дзеяньні, на сваю працу й на ейныя вынікі.
  • Прыхільнік констытуцыйнай манархіі й тэорыі грамадзянскай дамовы.
  • Тэарэтык грамадзянскай супольнасьці й прававой дэмакратычнай дзяржавы.
  • Першы, хто вынайшаў прынцып разьдзяленьня ўлады на заканадаўчую, выканаўчую й фэдэратыўную. Фэдэратыўная ўлада займаецца пытаньнямі мірнасьці й вайны, дыпляматычнымі пытаньнямі й уделам у зьвязах і кааліцыях.
  • Дзяржава створана дзеля гарантыі натуральных правоў і законаў, яна не павінна пасягаць на гэтыя правы, але павінна быць структураванай так, каб гэтыя правы былі гарантаваны.
  • Распрацаваў ідэі дэмакратычнай рэвалюцыі, бо лічыў правільным і неабходным паўстаньне народа супраць тыранічнай улады, якая пасягае на натуральныя правы й вольнасьць чалавека.


Значныя сачыненьні

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • «Лісты аб талерантнасьці» (A Letter Concerning Toleration) (1689).
  • «Вопыт аб людзкім разуменьні» (Essay Concerning Human Understanding) (1690)
  • «Другі трактат аб грамадзянскім кіраваньні» (The Second Treatise of Civil Government) (1690).
  • «Некаторыя думкі аб выхаваньні» (Some Thoughts Concerning Education) (1693).

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Джон Локсховішча мультымэдыйных матэрыялаў