Таві-Таві
Таві-Таві | |
---|---|
тагальск. Tawi-Tawi | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 580,5 км² |
Насельніцтва | 344 118 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 592,8 чал./км² |
Размяшчэнне | |
5°13′21,80″ пн. ш. 120°04′32,50″ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Таві-Таві (тагальск.: Tawi-Tawi) — востраў у архіпелагу Сулу, цэнтр аднайменнай правінцыі на поўдні Філіпін. Плошча — 580,5 км². Насельніцтва (разам з прылеглымі астраўкамі, 2015 г.) — 344 118 чал.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Таві-Таві — самы паўднёвы з найбуйнейшых астравоў архіпелага Сулу. Знаходзіцца за 1030 км на поўдзень ад Манілы, сталіцы Філіпінаў. Вакол месціцца 106 дробных астравоў, многія з якіх застаюцца незаселенымі.
Востраў узнік у выніку тэктанічных зрухаў дна акіяна. Большая частка сушы сфарміравана вапнякамі — рэшткамі старажытных донных адкладанняў. Знойдзены радовішчы медзі. Найвышэйшы пункт дасягае 552 м. Воды вакол вострава неглыбокія, заняты працяглымі каралавымі рыфамі.
Клімат трапічны з выразным чаргаваннем сухога і вільготнага сезонаў.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Асаблівасцю Таві-Таві з'яўляецца тое, што на ім захаваліся дажджавыя трапічныя лясы са значнай колькасцю эндэмічных раслін і жывёл. Воды вакол вострава насяляюць марскія чарапахі, розныя віды каралаў, малюскаў, рыб і ігласкурых. Рост насельніцтва і эканамічная дзейнасць чалавека ствараюць сталую пагрозу для біялагічнай разнастайнасці.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Карэннае насельніцтва Таві-Таві складаюць баджа, аўстранезійскі народ, які прынята лічыць абарыгенамі архіпелага Сулу. Аднак жыхары Таві-Таві сцвярджаюць, што іх продкі паходзілі з паўвострава Малака. Назва вострава азначае мноства фікусавых дрэў, знойдзеных тут першапасяленцамі. У 1380 г. астравіцяне прынялі іслам.
У канцы XV ст. востраў трапіў у склад султаната Сулу. Узбярэжжа было абвешчана маёмасцю султана, мясцовыя землі перадаваліся ў карыстанне яго падданым. У цэнтральнай частцы захоўваліся традыцыйныя абшчыны. Да другой паловы XIX ст. Таві-Таві быў цэнтрам пірацтва і гандлю рабамі.
У 1882 г. востраў быў далучаны да іспанскіх валоданняў. У 1899 г. заняты амерыканцамі і афіцыйна далучаны імі да Філіпінаў у 1917 г. Падчас II Сусветнай вайны часова акупаваны японцамі. Мясцовыя жыхары арганізавалі партызанскі рух і садзейнічалі вяртанню Таві-Таві пад кантроль амерыканскай адміністрацыі.
У 1946 г. востраў увайшоў у склад незалежных Філіпін. У 1973 г. створана асобная правінцыя Таві-Таві. У нашы дні актыўна развіваецца турызм.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Tawi-Tawi — Bureau on Cultural Heritage — BARMM Архівавана 25 мая 2021.
- Environmental Depletion in Tawi-Tawi, Philippines: A Case for Strong Governance, Community Education and Capability Building
- GEOLOGICAL SETTING OF THE CELEBES AND SULU SEAS Архівавана 26 ліпеня 2021.
- Living by the Day: A Study of the Badjaos in Tawi-Tawi, Southwest Philippines