Перайсці да зместу

Сандавэ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сандавэ
(Sandawe)
Агульная колькасць 55900 (2014 г.)
Рэгіёны пражывання Танзанія
Мова сандавэ
Рэлігія анімізм, хрысціянства, іслам
Блізкія этнічныя групы магчыма хадза, сан

Санда́вэ (саманазва Sandawe) — усходнеафрыканскі народ, карэнныя жыхары Танзаніі. Жывуць пераважна ў цэнтральнай частцы краіны. Агульная колькасць (2014 г.) — 55 900 чал.[1]

Сандавэ значна адрозніваюцца ад іншых народаў Танзаніі, паколькі маюць малы рост, больш светлую скуру, традыцыйна займаюцца збіральніцтвам і паляваннем у саванне. Найбольш блізкімі да іх ладу жыцця з’яўляюцца хадза, якія насяляюць мясцовасць ў 150 км на поўнач. Генетыкі лічаць, што продкі сандавэ і хадза разышліся прыкладна 1300 гадоў таму[2]. Згодна даследаванням групы генетыкаў, якія праводзіліся ў Афрыцы на працягу 1999—2009гадоў, ДНК сандавэ і хадза ўтрымоўвае сведчанні аб змяшэнні іх прамых продкаў з больш архаічнымі відамі чалавека 20 тысяч — 80 тысяч гадоў таму[3].

Традыцыйная культура і грамадства сандавэ заснаваны на вандроўнай ладзе жыцця, забеспячэнні сябе з дапамогай збіральніцтва і палявання. З XIX стагоддзя пад уплывам знешніх фактараў сандавэ пачалі пераход да сталага жыхарства ў вёсках і гадоўлі свойскай жывёлы. Аднак спроба ўрада Танзаніі ў 1970—1980-х гадах прымусіць сандавэ займацца земляробствам скончылася няўдачай[4]. Сандавэ падзяляюцца на некалькі лакальных груп у залежнасці ад раёна пражывання[5]. У кожнай групе ёсць рытуальныя правадыры, якія займаюцца арганізацыяй цырымоній і палітычна не кантралююць абшчыннікаў.

Сандавэ маюць багатую міфалогію. Распаўсюджаны міфы пра стварэнне свету, гістарычныя паданні, казкі пра багамола.

Сандавэ размаўляюць на тонавай мове, ізаляванай ад суседніх моў. Некаторыя даследчыкі лічаць, што па свайму паходжанню яна блізкая да кайсанскіх моў або нават з’яўляецца кайсанскай[6].

Старажытная рэлігія сандавэ мае анімістычны характар. У наш час распаўсюджваюцца хрысціянства і іслам.