Самаране
Самаране (שומרונים) | |
Агульная колькасць | 777 (2015 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Ізраіль |
Мова | іўрыт, арамейская |
Рэлігія | іўдаізм |
Блізкія этнічныя групы | астатнія яўрэі |
Самара́не, або самарыця́не (іўр.: שומרונים) — этна-канфесійная група яўрэяў Ізраіля. Агульная колькасць (2015 г.) — 777 чал.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Існуюць дзве супрацьлеглыя версіі паходжання самаран. Першая абапіраецца на Біблію і меркаванні часткі іўдзейскіх пісьменнікаў, якія лічылі самаран нашчадкамі прышлага насельніцтва. Пасля заваявання старажытнай Ізраільскай дзяржавы ў 722 г. да н. э. Сарган II высяліў адсюль 27290 жыхароў у Месапатамію. На іх месца ў Самарыю былі пераселены выхадцы з Двурэчча. Згодна з паданнем, іўдзейскі Бог даслаў ільвоў, каб забіць іх. Таму Сарган II адправіў да перасяленцаў іўдзейскага святара навучыць іх божым пастановам. У далейшым яны ўшаноўвалі як іўдзейскага Бога, так і сваіх паганскіх багоў. Пасля вяртання яўрэяў на радзіму самаране працягвалі адрознівацца ад мясцовага насельніцтва сваёй рэлігіяй і традыцыямі.
Другая версія належыць самім самаранам. Яны сцвярджаюць, што паходзяць ад старажытных яўрэяў з Ефраімава і Манасіева пакаленняў. Пасля смерці Ісуса Навіна паміж яўрэямі адбыўся рэлігійны раскол. Самаране з’яўляюцца нашчадкамі адной з дзвюх груп, якая адасобілася ад асноўнай. Сваё найменне яны тлумачаць не жыхарствам у вобласці Самарыя, а тэрмінам іўр.: שַמֶרִים «ахоўнік» традыцый. Генетычныя даследаванні пацвярджаюць версію адзінага або вельмі блізкага паходжання самаран з астатнімі палесцінскімі яўрэямі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Адносіны паміж самаранамі і традыцыйнымі іўдаістамі заўсёды заставаліся вельмі напружанымі з моманту вяртання яўрэяў у Палесціну ў 538 г. да н. э. Самаране не ўдзельнічалі ў пабудове новага храма ў Іерусаліме, а шанавалі Бога ў сваім храме на гары Герызім. У час уваходжання Палесціны ў склад дзяржавы Селеўкідаў (312 — 64 гг. да н. э.) сталыя нападкі з боку прыхільнікаў іерусалімскага храма вымусілі самаран арыентавацца на эліністычныя колы. У II ст. да н. э. яны цалкам адмовіліся ад атаяснення з іўдзеямі і падтрымалі агульнадзяржаўныя культы. Храм на гары Герызім быў афіцыйна прысвечаны Зеўсу. У 128 г. да н. э. храм быў разбураны Хасманеямі. Пра тое, што варожыя адносіны да самаран захоўваліся і пасля гэтай падзеі, сведчаць сачыненні Іосіфа Флавія, Кумранскія рукапісы, а таксама прытча аб добрым самараніне ў Новым Запавеце.
Пасля ўваходу Палесціны ў склад Рымскай імперыі і задушэння рымлянамі іўдзейскіх паўстанняў самаране ўзнавілі свой храм на гары Герызім, вялі актыўную дзейнасць як на тэрыторыі імперыі, так і ў суседняй дзяржаве Сасанідаў. У пачатку IV ст. легендарны самаранскі першасвятар Баба Раба канчаткова ўсталяваў адзіныя каноны літургіі.
Пасля прыняцця хрысціянства стаўленне імперскіх улад да самаран рэзка змянілася. У час кіравання Зянона Ісаўра самаране падвергліся ганенням. У 484 г. самаране паўсталі. Яны захапілі некалькі цэркваў, абразілі хрысціянскага епіскапа і абвясцілі сваю дзяржаву з цэнтрам у Кейсарыі. Паўстанне было задушана, а адсечаная галава правадыра Хуста падаравана хрысціянамі Зянону Ісаўру. У 529 г. самаране зноў паўсталі. У адказ імператар Юстыніян I разгарнуў шырокія рэпрэсіі, храм на гары Герызім зноў быў разбураны, а вера самаран апынулася пад забаронай.
Пасля арабскага заваявання Блізкага Усходу значная частка самаран прыняла іслам. Колькасць астатніх самаран стала скарачалася з-за звычаю эндагаміі — шлюбаў толькі знутры сваёй абшчыны. Да канца XX ст. захавалася толькі 4 роды, паміж прадстаўнікамі якіх магчымы шлюбы.
Падчас станаўлення дзяржавы Ізраіль прыхільнікі сіянізму разглядалі самаран як частку яўрэйскага народа і імкнуліся інтэграваць іх у ізраільскую супольнасць. У выніку самаране атрымалі ў Ізраілі статус рэлігійнай меншасці. У нашы дні большасць самаран жыве ў паселішчы Кір’ят-Луза на тэрыторыі Палесцінскай аўтаноміі і ў горадзе Халон каля Хайфы.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Рэлігія самаран — монатэізм, заснаваны на веры ў адзінага Бога. Галоўнай сакральнай кнігай самаран прызнаецца Тора, якая складаецца з версіі Пяцікніжжа, адрознай ад іўдзейскай і хрысціянскай. Акрамя таго, шануюцца гістарычныя аповеды, маецца ўласная агіяграфія. Галоўнае сакральнае месца — гара Герызім, якую абавязкова наведваюць у пасху. Для самаран характэрна эндагамія — дазвол шлюбаў толькі з прадстаўнікамі сваёй рэлігіі.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Іўрыт — мова набажэнства, з сярэдзіны XX ст. шырока ўжываецца ў побыце. Да гэтага часу асноўнай гутарковай мовай быў асобны арамейскі дыялект.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Самарыцяне // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 135. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- The Samaritans Архівавана 22 жніўня 2015.
- Jürgen K. Zangenberg, The Samaritans Архівавана 24 верасня 2015.
- Countries and Their Cultures: Samaritans
- WAYNE A. BRINDLE, The Origin and History of the Samaritans Архівавана 17 чэрвеня 2016.
- More than Just a Parable: The Genetic History of the Samaritans Архівавана 11 кастрычніка 2015.