Нук (Ну́ўк, дацк.: Nuuk, грэнл.: Nuuk), або Го́тхаб (дацк.: Godthåb) — горад, адміністрацыйны цэнтр самакіравальнай тэрыторыі Грэнландыя ў складзе Каралеўства Даніі, а таксама аднайменнага муніцыпалітэта Заходняй Грэнландыі. Да 1979 года афіцыйна ўжывалася назва Готхаб.
Горад заснаваны ў 1728 годзе нарвежскім місіянерам Хансам Эгедэ (Hans Egede), аднак паселішчы на яго месцы існавалі і раней, найстарэйшае з вядомых — 4 200 гадоў таму. У IX—XV стагоддзях у гэтай мясцовасці жылі скандынаўскія каланісты, якія пасля пакінулі паселішча. Таксама тут было летняе месца сустрэчы эскімосаў, якія жылі ў гэтым рэгіёне. Эгедэ прыбыў сюды ў 1721 годзе каб навярнуць у лютэранства 12 мясцовых эскімоскіх сем’яў. Эгедэ даў гораду назву Готхаб (Godthåb), у перакладзе з дацкай мовы «добрая надзея». З 1733 года місіянерамі тут былі Хернхуцкія браты, якія заснавалі місію Новы Хернхут. Цяпер у царкве размешчаны ўніверсітэт і мясцовы архіў. З 1979 года, калі была абвешчана аўтаномія Грэнландыі, горад афіцыйна носіць эскімоскае імя Нук, у тым ліку і на дацкай мове.
Клімат субарктычны. Праз блізкасць Бафінава заліва і цёплага цячэння перапад тэмператур адносна невялікі. Большай часткай года стаіць мінусавая тэмпература, сярэдняя тэмпература найбольш халодных месяцаў −8 °C. Сярэдняя тэмпература ліпеня +6,5 °C.