Перайсці да зместу

Гідрабіялогія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Гідрабіялогія — навука аб насельніцтве воднага асяроддзя, аб узаемаадносінах яго з умовамі пражывання, значэнні для працэсаў трансфармацыі энергіі і рэчыва і аб біялагічнай прадукцыйнасці акіяна, мораў і ўнутраных вод.

Гідрабіялогія — пераважна экалагічная навука. Умовы жыцця ў водным асяроддзі вызначаюцца фізіка-геаграфічнымі асаблівасцямі вадаёма, многія з якіх, напрыклад хімічны склад вады, у асаблівасці склад біягенных элементаў і раствораных газаў і іх колькасць, характар донных адкладаў, празрыстасць вады і інш., знаходзяцца пад моцным уплывам водных арганізмаў і часта вызначаюцца іх жыццядзейнасцю. Таму ў той меры, у якой гідрабіялогія вывучае значэнне жыццёвых з'яў у агульнай сукупнасці ўзаемаабумоўленых працэсаў у водным асяроддзі, яна мае агульныя задачы з комплекснымі геаграфічнымі дысцыплінамі — лімналогіяй і акіяналогіяй. На гэтым узроўні даследаванняў вырашаюцца такія праблемы, як біялагічная структура акіяна, біялімналагічная і біяакіяналагічная тыпалогія вадаёмаў і водных мас, заканамернасці кругазвароту рэчыва і патоку энергіі.

Адрозніваюць санітарную, тэхнічную і прамысловую гідрабіялогію.

У самастойную навуку гідрабіялогія вылучалася ў 2-й палове 19 ст., калі з развіццём батанікі і заалогіі пачалі стварацца марскія і прэснаводныя біялагічныя станцыі, была вызначана роля водных арганізмаў у працэсе ачышчэння вадаёмаў (нямецкія вучоныя А. Мюлер, Ф. Кон, рускі вучоны М. П. Вагнер).

Асновы расійскіх марскіх гідрабіялагічных даследаванняў закладзены ў 1900-я гады навукова-прамысловымі экспедыцыямі М. М. Кніповіча, працамі С. А. Зярнова, К. М. Дзяругіна, Л. А. Зянкевіча і інш. Для развіцця прэснаводнай гідрабіялогіі вялікае значэнне мелі працы У. М. Арнольдзі, А. Л. Бенінга, Г. Ю. Верашчагіна, В. Н. Варанкова, У. І. Жадзіна і інш.