Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей
Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей | |
---|---|
Профіль | комплексны |
Заснаваны | 1965 |
Падпарадкаванасць | аддзел культуры Мастоўскага райвыканкама. |
Месцазнаходжанне | Гродзенская вобласць, Мастоўскі раён, Гудзевічы, 231626 |
Памеры фонду | 13 395 |
Агульная плошча | 729 |
Выставачная плошча | 580 |
Плошча запаснікаў | 96 |
Адкрыты | 9.00–17.00, без выхадных |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей — музей у аграгарадку Гудзевічах (Мастоўскі раён, Гродзенская вобласць).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Створаны на базе школьнага літаратурна-краязнаўчага музея, які ў сваю чаргу стварыў былы настаўнік беларускай мовы і літаратуры Алесь Мікалаевіч Белакоз. Школьны музей прыняў сваіх першых наведвальнікаў 2 лютага 1968 года. Яго адкрыццё было прымеркавана да 130-годдзя з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага. Першыя экспанаты датуюцца 1965 годам.
Школьнікі пад кіраўніцтвам Белакоза пачалі пісаць лісты пісьменнікам, мастакам, дзеячам навукі і культуры з просьбай даслаць выказванне пра беларускую мову, чарнавік ці рукапіс свайго твора, кнігу з аўтографам і інш. Назбіралася многа матэрыялаў і быў адчынены школьны літаратурна-краязнаўчы музей. Спачатку музей размяшчаўся толькі ў адным пакоі (цяпер гэта 1-ая літаратурная зала).
У 1981 годзе пабудавалі новую двухпавярховую школу. Тады пад музей аддалі будынак старой школы, які размясціў чатыры экспазіцыйныя залы і калідор. Адчынены ў 1984 годзе.
Яшчэ ў 1980 годзе калгас дапамог перавезці з в. Семярэнкі да музея хатку, пабудаваную ў канцы XVIII стагоддзя. Першая экскурсія ў ёй была праведзена 6 студзеня 1981 года. Пазней, у 1995 годзе, калгас дапамог перавесці да хаткі свіронак (таксама з в. Семярэнкі).
У 1990 годзе загадам Гродзенскага упраўлення культуры № 10 ад 12.02.1990 г. на аснове рашэння Мастоўскага раённага Савета народных дэпутатаў № 269 ад 17.01.1990 г. музей стаў дзяржаўным.
Тады ж пад музей быў перададзены 2-гі школьны будынак, дзе ў гэты ж год была адчынена зала «Народная медыцына», праект якой зрабіў мастак Алесь Ступень. У гэтым жа будынку ў 1990 годзе былі аформлены дзве залы «Лёну і народнага ткацтва», мае ўнікальную калекцыю падвойных дываноў. У 1991 годзе два асобныя музейныя будынкі злучыліся трэцім, новым. Паступова і тут адчыніліся экспазіцыйныя залы. У 1997 годзе была зроблена зала «Гісторыя Гудзевіч у дакументах і фотаздымках». Зала «Гудзевічы ў мастацтве» і выставачная зала прынялі наведвальнікаў адпаведна у 2000 г. і 2001 г. У 2002 годзе адчынілася зала «Практычнага ткацтва», дзе размясціліся трое дзеючых вялікіх кроснаў, на якіх супрацоўніцы музея ткуць падвойныя дываны, посцілкі, абрусы, ручнікі, сурвэткі.