Валынскае ўзвышша
Валы́нскае ўзвы́шша (укр.: Волинська височина, польск.: Wyżyna Wołyńska) — узвышша на захадзе Украіны, паміж рэкамі Буг і Корчык (прыток Случы), у Валынскай і Ровенскай абласцях; заходняя частка ляжыць у межах Польшчы, дзе пераходзіць у Люблінскае ўзвышша.
На поўначы ўступам вышынёй 30—50 метраў абрываецца да Палескай нізіны, з поўдня Валынскае ўзвышша абмежавана раўнінай Малога Палесся. Вышыня 220—250 метраў (максімальная да 341 метра — Мізацкі краж). Пераважае ўваліста-лагчынны рэльеф. Рачнымі далінамі Буга, Стыр, Гарыні і іх прытокаў Валынскае ўзвышша падзяляецца на асобныя ўчасткі плато. Валынскае ўзвышша разам з Падольскім узвышшам часта называюць Валына-Падольскім. Асновай Валынскага ўзвышша з’яўляюцца адклады мелавога ўзросту, на захадзе пад імі залягаюць каменнавугальныя адклады Львоўска-Валынскага вугальнага басейна.
У глебавым покрыве пераважаюць шэрыя лясныя глебы, на выраўнаваных участках — чарназёмы. Расліннасць пераважна лесастэпавая. Пашыраны грабавыя, дубова-грабавыя, дубовыя, дубова-хваёвыя лясы (9 % тэрыторыі). Сельскагаспадарчыя ўгоддзі складаюць 75 % зямельнага фонду.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Валынскае ўзвышша // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — С. 488—489. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).