Іба
Іба | |
---|---|
парт. Ibo | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 15 км² |
Насельніцтва | 11 724 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 781,6 чал./км² |
Размяшчэнне | |
12°20′29,50″ пд. ш. 40°36′04″ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Індыйскі акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Іба (парт.: Ibo) — найбуйнейшы востраў архіпелага Кірымбаш у Мазамбіку. Плошча — 15 км². Насельніцтва (2019 г.) — 11 724 чалавек.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Іба месціцца за 1731 км на паўночны ўсход ад Мапуту, сталіцы Мазамбіка. Аддзелены ад мацерыка пралівам шырынёю ад 400 м да 7,5 км. З'яўляецца часткай доўгага прыбярэжнага каралавага рыфа, што фарміруе паўднёвую групу архіпелага Кірымбаш.
Паверхня нізкая, складзеная вапнякамі каралавага паходжання. Паўднёва-ўсходняя частка ўяўляе сабою раўніну, аддзеленую ад астатніх раёнаў вострава выдмамі. На ўсходзе рыф фарміруе шырокую водмель, якая затапляецца падчас прыліваў. Паўночны і паўночна-ўсходні берагі знаходзяцца ў атачэнні невысокіх скал.
На востраве каля 150 калодзежаў з саланаватай вадою. Пітную ваду звычайна назапашваюць падчас дажджоў. Астравіцяне здабываюць для будаўніцтва вапняковы камень, пясок, вапну.
Клімат трапічны пасатны. Вылучаюцца сухі і вільготны сезоны. Сярэдняя тэмпература на працягу года вагаецца ад +22 °C да +29 °C. Іба знаходзіцца ў інтэнсіўнай зоне дзеяння цыклонаў. У 2019 г. цыклон Кенет разбурыў 90% будынкаў.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Для вострава Іба характэрна сітаватая вапняковая паверхня, што хутка ўбірае ў сябе дажджавую ваду. Тонкі пласт глебы вельмі вышчалачаны. Тым не меней, востраў вельмі зялёны дзякуючы натуральным і штучным насаджэнням. Значная плошча занята пабудовамі і прыватнымі палеткамі. Астравіцяне вырошчваюць рыс, садавіну і гародніну. Са старажытных часоў захоўваюцца рэдкалессе з дрэў міёмба і зараснікі манграў на ўзбярэжжы.
На востраве шмат птушак. Сустракаюцца пеліканы, гарбаткі, птушкі-насарогі. На беразе — марскія чарапахі і крабы. Марскія прасторы вакол вострава адрозніваюцца большай разнастайнасцю фаўны. Іх насяляюць рэдкія віды каралаў, акулы, дэльфіны, кіты.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першымі пасяленцамі на востраве Іба былі суахілі, якія заснавалі на ім гандлёвае паселішча. У 1522 г. яны паспяхова адбілі напад партугальцаў. Тым не меней, захоп апошнімі гандлёвых шляхоў прывёў да крызісу мясцовай эканомікі, і паселішча на Іба было пакінута.
Партугальскія каланіяльныя ўлады зацікавіліся востравам толькі ў XVIII ст. У 1754 г. для аховы ўзбярэжжа на ім была пабудавана крэпасць Сан-Жуан-Баптыста. У 1760 — 1764 гг. — яшчэ адна крэпасць Сан-Жазэ. У 1761 г. партугальскае паселішча на востраве атрымала статус самастойнага населенага пункта. У 1763 г. было ўведзена самакіраванне. Яго жыхары прымалі ўдзел у каланізацыі іншых астравоў Мазамбікскага праліва. Гаспадарка каланіяльнага Іба доўгі час залежала ад гандлю рабамі. У 1847 г. была ўзведзена трэцяя крэпасць Санту-Антоніу.
Адмена рабства ў 1869 г. і перанос ваеннай каланіяльнай адміністрацыі на поўдзень прывялі да заняпаду паселішча. У 1974 г. напярэдадні абвяшчэння незалежнасці Мазамбіка многія партугальцы пакінулі свае валоданні на востраве. З пачатку XXI ст. пачалося паступовае адраджэнне, звязанае з развіццём турызму і дзейнасцю па ахове прыроды. У 2021 г. паселішча апынулася на мяжы гуманітарнага крызісу з-за перамяшчэння насельніцтва з іншых раёнаў Мазамбіка, дзе адзначаліся тэрарыстычныя атакі.