Крыніца права
Крыніца права — зьнешні спосаб выражэньня і замацаваньня нормы права (правапалажэньня).
У I стагодзьдзі на н. э. панятак увёў рымскі гісторык Тытус Лівіюс у працы «Гісторыя ад заснаваньня гораду». Пры апісаньні распрацоўкі і прыняцьця «12 табліцаў» у якасьці асноватворнай крыніцы рымскага права Тытус Лівіюс згадваў, што яны, «нягледзячы на цэлую гару нагрувашчаных адзін на аднаго законаў, застаюцца вытокам усяго дзяржаўнага і грамадзянскага права»[1].
Віды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ва ўсялякай прававой сям’і існуе 6 відаў крыніц права: прававы звычай, прававы прэцэдэнт, дамова нарматыўнага зьместу, правазнаўства (дактрына), Сьвятое пісаньне (царкоўныя правілы) і нарматыўны прававы акт (НПА)[2].
Існуе 10 відападзелаў крыніц права.
- Паводле галіны паходжаньня: унутрыдзяржаўныя і міжнародна-прававыя.
- Паводле прававой значнасьці: асноўныя — парадкуюць грамадзкія дачыненьні па сутнасьці і ў поўным абсягу, дадатковыя — удакладняюць асноўныя крыніцы правы. Два з 6 крыніц права вылучаюць у якасьці асноўных на падставе вядучасьці адной з 3-х праяваў права: калі прававых дачыненьняў, то асноўныя — прававы звычай і прававы прэцэдэнт; калі прававой сьвядомасьці, то — правазнаўства і Сьвятое пісаньне; калі нарматыўнай часткі права, то — нарматыўны прававы акт і дамову нарматыўнага зьместу.
- Паводле прызначэньня: першасныя і другасныя. Першасныя віды зьмяшчаюць зыходныя для парадкаваньня грамадзкіх дачыненьняў палажэньні, якіх не існавала ў прававой сям’і да іх стварэньня адпаведнымі ўстановымі.
- Паводле гістарычнага разьвіцьця: першасныя — прававы звычай, прававы прэцэдэнт і дамова нарматыўнага зьместу; другасныя — правазнаўства (дактрына), Сьвятое пісаньне і нарматыўны прававы акт. Першасныя віды ўтварыліся на найбольш раньняй ступені існаваньня права ў выглядзе правадачыненьняў.
- Паводле прававой вагі (плошчы прававога поля, міжвідавой прававой сілы): галоўная, асноўная і дадатковыя.
- Паводле спосабу замацаваньня: пісьмовыя (пісаныя) і вусныя (непіса́ныя). У вусным выглядзе могуць існаваць прававы звычай і дамова нарматыўнага зьместу.
- Паводле спосабу наданьня прававой значнасьці: афіцыйныя (нарматыўная замацаваныя, цывілізаваным шляхам) і неафіцыйныя (маўкліва прызнаваныя, традыцыйным шляхам).
- Паводле распаўсюджанасьці ў прававых сем’ях: традыцыйныя — 6 відаў, якія існуюць ва ўсялякай прававой сям’і; нетрадыцыйныя — астатнія афіцыйны прызнаныя.
- Паводле віду прававой сям’і: тыповыя і нетыповыя (дырэктыва прэзыдэнта Беларусі і НПА каапэратыву й прафсаюзу).
- Паводле адпаведнасьці ўзору: клясычныя і мадыфікаваныя. Клясычныя віды ўлучаюць усе 6 відаў традыцыйных крыніцаў права. Мадыфікаваныя віды атрымліваюцца ў выніку зьмяненьня традыцыйных крыніцаў (заключэньне Канстытуцыйнага суду і пастанова Пленуму Вярхоўнага суду)[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Мікола Сільчанка. 1.1. Праблемы азначэньня паняцьця крыніц права // Тэорыя крыніц беларускага права / А.С. Франко. — Горадня: Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2012. — С. 8-18. — 253 с. — 250 ас. — ISBN 978-985-515-569-1
- ^ Мікола Сільчанка. 1.2. Праблемы вызначэньня відавога складу крыніц беларускага права // Тэорыя крыніц беларускага права / А.С. Франко. — Горадня: Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2012. — С. 19. — 253 с. — 250 ас. — ISBN 978-985-515-569-1
- ^ Мікола Сільчанка. 2.1. Падставы клясыфікацыі і віды крыніц права // Тэорыя крыніц беларускага права / А.С. Франко. — Горадня: Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2012. — С. 36-45. — 253 с. — 250 ас. — ISBN 978-985-515-569-1
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мікола Сільчанка. Тэорыя крыніц беларускага права / А.С. Франко. — Горадня: Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2012. — 253 с. — 250 ас. — ISBN 978-985-515-569-1
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніца права — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў