Перайсьці да зьместу

Археі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Археі
Клясыфікацыя
НадцарстваАрхеі
Бінамінальная намэнклятура
Archaea

Археі (па-лацінску: Archaea) — дамэн ці надцарства жывых арганізмаў. Археі зьяўляюцца аднавузавымі пракарыётамі, якія на малекулярным узроўні заўважна адрозьніваюцца як ад бактэрыяў, гэтак і ад эўкарыётаў. Адрозьненьні назіраюцца ў кампанэнтах сынтэзу бялку, структуры вузавай сьценкі, біяхіміі (толькі сярод архей ёсьць мэтанагеты) і ўстойлівасьць да фактараў зьнешняга асяродзьдзя (большая частка — экстрэмафілы). У мінулым археі клясыфікаваліся як бактэрыі, іншымі вядомымі пракарыётамі, архебактэрыямі, аднак гэтая клясыфікацыя на сёньня лічыцца састарэлай[1]. На самой справе археі маюць незалежную эвалюцыйную гісторыю і маюць шмат адрозьненьняў у сваёй біяхімічнай будове ад іншых формаў жыцьця, таму яны цяпер клясыфікуюцца як асобны дамэн.

Археі і бактэрыі, як правіла, маюць аналягічную форму і памер, хоць колькі археяў маюць формы досыць адрозныя ад бактэрыяў, як то плоская і квадратовая форма вузаў археі віду Haloquadratum walsbyi[2]. Нягледзячы на ​​гэтае марфалягічнае падабенства з бактэрыямі, археі валодаюць генамі і мэтабалічнымі рэакцыямі, якія больш цесна зьвязаны зь некаторымі эўкарыётамі. Іншыя аспэкты біяхіміі археяў ёсьць унікальнымі, як то яны залежаць ад этэрных ліпідаў у іхнай вузавай мэмбране. Археі сілкуюцца з большай колькасьці крыніцаў энэргіі ў параўнаньні з эўкарыётамі. Крыніцамі выступаюць цукар, аміяк, іёны мэталаў або нават газападобны вадарод. Талерантныя да солі археі выкарыстоўваюць сонечнае сьвятло ў якасьці крыніцы энэргіі, а іншых віды археяў сілкуюцца вугляродам, але ў адрозьненьне ад расьлінаў і цыянабактэрыяў, невядомы аніводны зь відаў археяў, які сілкуецца адразу зь дзьвюх вышэйзгаданых крыніцаў. Археі размножваюцца бясплоцевым шляхам праз дзяленьне, фрагмэнтацыю або адлучэньне. У адрозьненьне ад бактэрыяў і эўкарыётаў няма вядомых відаў археяў, якія размножваюцца праз зароднікі.

Першапачаткова археі разглядаліся як экстрэмафілы, якія жывуць у неспрыяльных умовах навакольнага асяродзьдзя, як то гарачыя крыніцы і салёныя возеры, але з тых часоў яны былі знойдзены ў шырокім дыяпазоне асяродзьдзяў пражываньня, у тым ліку ў глебе, акіянах і балотах. Акрамя таго, археі зьяўляюцца часткай мікрафлёры чалавека, бо іх можна знайсьці ў тоўстай кішцы, роце і на скуры[3]. Асабліва шматлікую колькасьць гэтых арганізмаў можна сустрэць у акіяне, а археі, якія жывуць у плянктоне, могуць разглядацца як адна з найбольш распаўсюджаных групаў арганізмаў на плянэце. Археі зьяўляюцца важнай часткай жыцьця Зямлі і могуць гуляць ролю ў вугляродным і азотным цыклях. Няма выразных прыкладаў археявых патагенаў або паразытаў, але часьцяком яны выступаюць у ролі мутуалістаў і камэнсалаў. Адным з такіх прыкладаў зьяўляецца мэтанагены, якія насяляюць страўнікава-кішачны тракт чалавека, дзе дапамагаюць у працэсе страваваньня. Мэтанагены выкарыстоўваюцца ў вытворчасьці біягазу і ачыстцы сьцёкавых водаў, а таксама ў галіне біятэхналёгіяў, дзе эксплюатуюцца фэрмэнты экстрэмафільных архебактэрыяў, якія могуць вытрымліваць высокія тэмпэратуры і арганічныя растваральнікі.

  1. ^ Pace NR (May 2006). «Time for a change». Nature 441 (7091): 289. PMID 16710401.
  2. ^ Stoeckenius W (October 1981). «Walsby's square bacterium: fine structure of an orthogonal procaryote». Journal of Bacteriology. 148 (1): 352–60. PMC 216199. PMID 7287626.
  3. ^ Bang C, Schmitz RA (September 2015). «Archaea associated with human surfaces: not to be underestimated». FEMS Microbiology Reviews. 39 (5): 631–48. doi:10.1093/femsre/fuv010. PMID 25907112.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]