Аб заахвочванні таленавітых маладых вучоных

Распараджэнне № 220рп ад 11 снежня 2024 г.

Стыпендыі Прэзідэнта Беларусі на 2025 год назначаны 66 маладым вучоным. Адпаведнае распараджэнне падпісаў 11 снежня Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

Сярод тых, каму назначаны стыпендыі, 5 дактароў навук ва ўзросце да 45 гадоў, 35 кандыдатаў навук да 35 гадоў і 26 маладых вучоных без ступені да 30 гадоў. Гэта прадстаўнікі розных навук: фізіка-матэматычных, тэхнічных, хімічных, біялагічных, медыцынскіх, фармацэўтычных, аграрных, сацыяльных, гуманітарных і навук пра Зямлю. Кожны стыпендыят мае значныя рэзультаты і дасягненні ў прыярытэтных напрамках навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, унёс уклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі.

Усе даследаванні і распрацоўкі маюць прыкладны характар, укаранёны ў практычную дзейнасць арганізацый рэальнага сектара эканомікі, устаноў аховы здароўя, адукацыі, навукі.

Стыпендыі Прэзідэнта Беларусі маладым вучоным назначаюцца з 2005 года па выніках штогадовага адкрытага рэспубліканскага конкурсу ў мэтах стымулявання творчай ініцыятывы і інтэлектуальнага пошуку маладых вучоных.

Гэта мера дзяржаўнай падтрымкі накіравана на замацаванне моладзі ў сферы навукі, умацаванне кадравага патэнцыялу навуковых арганізацый, развіццё айчынных навуковых школ, якія павінны забяспечыць прарыўныя распрацоўкі ў галінах рэальнага сектара эканомікі і сацыяльнай сферы.