Лукашэнка даў войскам РФ дарогу ва Украіну: апублікаванае ўнікальнае відэа
70- 29.11.2024, 23:12
- 69,324
Кадры з 24 лютага выявілі на знойдзенай у Кіеўскай вобласці экшн-камеры расейскага салдата.
У сеціве ўпершыню былі апублікаваныя кадры, знятыя расейскімі акупантамі падчас уварвання на тэрыторыю Украіны. Іх выявілі на знойдзенай у Кіеўскай вобласці экшн-камеры, якая належала аднаму з захопнікаў.
На апублікаваным відэа, якое з'яўляецца довадам таго, што афіцыйны Менск дазволіў выкарыстоўваць сваю тэрыторыю Расеі для пачатку ўварвання ва Украіну з поўначы, відаць, як расейская калона перасякае мяжу, ідзе ў кірунку Чарнобыля і ўрэшце апынаецца пад Кіевам. Унікальныя кадры паказалі журналісты праекта «Схемы» ў сваім новым расследаванні.
Новае расследаванне «Тут жорстка дапытвалі палонных: лагер у Беларусі», як відаць з назвы, прысвечанае ў першую чаргу здзекам з украінцаў на тэрыторыі суседняй дзяржавы. Аднак знайшлося ў ім і месца для кадраў з экшн-камеры аднаго з акупантаў, што стала першым безумоўным довадам наўпроставага дачынення рэжыму дыктатара Аляксандра Лукашэнкі да расейскай поўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны.
Прылада з гэтымі кадрамі была знойдзена ў Кіеўскай вобласці, пасля таго, як з прысталічнага рэгіёну выбілі расейскія акупацыйныя войскі. Раней, намагаюць аўтары расследавання, гэта відэа не публікавалася.
Стартуе запіс раніцай 24 лютага 2022 года. Камера фіксуе доўгую калону расейскай вайсковай тэхнікі, якая рухаецца па тэрыторыі Беларусі ў кірунку беларуска-ўкраінскай мяжы. Ніякіх перашкод, як чакаецца, расейцы на сваім шляху не сустракаюць.
На наступны дзень, 25 лютага, калона войскаў РФ ужо знаходзіцца на тэрыторыі Украіны. Яна ідзе ў кірунку Чарнобыля.
26 лютага ў аб'ектыў камеры, якая фіксуе ўсё, міма чаго праязджаюць акупанты, трапляе ўезд у горад Іванкоў на Кіеўшчыне. Да вечара ж захопнікі заязджаюць у сяло Шыбеннае Бучанскага раёна, размешчанае ўжо пад Кіевам.
Пры гэтым Лукашэнка наадрэз адхіляе сваё дачыненне да ўварвання Расеі ва Украіну і той факт, што прапусціў захопнікаў праз сваю тэрыторыю. Сярод апошніх ягоных адгаворак - зробленая падчас інтэрв'ю, апублікаваная 23 кастрычніка гэтага года, заява: маўляў, ніякіх дазволаў ён не даваў, расейскі дыктатар сам вызначае, як яму выводзіць войскі з Беларусі.
«Вы адкуль ведаеце, што я даў згоду на выкарыстанне беларускай тэрыторыі? Не трэба мяне папракаць, што я даў, я не даў... Гэта справа Пуціна, куды выводзіць войскі – праз Кіеў, ён мог бы праз Менск вывесці», – заявіў тады Лукашэнка.