ГАЗ-53
ГАЗ-53 | ||||||
---|---|---|---|---|---|---|
Вытворца | ГАЗ | |||||
Месца вытворчасці |
Горкі Ніжні Ноўгарад |
|||||
Гады выпуску | 1961–1993 | |||||
Колавая формула | 4х2 | |||||
Храналогія | ||||||
| ||||||
Вікісховішчы | на
ГАЗ-53 — савецкі грузавы аўтамабіль, які выпускаў Горкаўскі аўтамабільны завод. Разам з ГАЗ-52 належаў да трэцяга пакалення грузавых аўтамабіляў ГАЗ.
Самы масавы грузавік на тэрыторыі былога СССР: з 1965 па 1993 год вырабілі 3 336 286 аўтамабіляў ГАЗ-53А і ГАЗ-53-12[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Серыйны выпуск ГАЗ-53 планавалася асвоіць у 1962 годзе, аднак яго вытворчасць стрымлівала адсутнасць гатовага рухавіка — новы рухавік патрабаваў дадатковых вытворчых магутнасцяў, але іх хапала толькі для дробнасерыйнай вытворчасці рухавікоў для ГАЗ-13.
ГАЗ-53Ф
[правіць | правіць зыходнік]Першым аўтамабілем у 53-ім мадэльным шэрагу стаў ГАЗ-53Ф, які выпускаўся ў перыяд 1961—1967.
Першы ГАЗ-53Ф быў сабраны 23 верасня 1961 года, а 14 кастрычніка таго ж года галоўны канвеер пакінула доследна-прамысловая партыя з 25 аўтамабіляў.
У сувязі з адставаннем маторнай вытворчасці V-падобнага 8-цыліндравага рухавіка, машына камплектавалася рухавіком ГАЗ-51, фарсіраваным да 82 к.с. Таксама не быў асвоены гіпоідны задні мост, таму прыйшлося ставіць звычайны ад ГАЗ-51A, але з галоўнай парай ад ГАЗ-63. Гэта дало магчымасць у нейкай ступені захаваць дынаміку аўтамабіля з павялічанай да 3500 кг грузападымальнасцю. У сувязі з узрослай грузападымальнасцю былі ўжытыя шыны памерам 8,25-20 і дыскі колаў з трыма адтулінамі. Па сутнасці, ГАЗ-53Ф — гэта шасі ГАЗ-51A з падоўжанай да 3700 мм колавай базай і з кабінай грузавіка ГАЗ-52.
Да сакавіка 1962 года ГАЗ-53Ф збіраўся перыядычна — невялікімі партыямі — і толькі потым выпуск машын набыў арганізаваны характар адначасова з павелічэннем выпуску.
Выпуск ГАЗ-53Ф працягваўся да 1967 года, і ішоў паралельна з выпускам ГАЗ-53 і ГАЗ-53А, бо новых V-падобных рухавікоў не хапала. Варта адзначыць, што ГАЗ-53Ф не меў поспеху ў эксплуатацыйных арганізацый і выпускаўся толькі з-за адсутнасці дастатковай колькасці матораў ЗМЗ-53. У студзені 1967 года, калі выпуск ЗМЗ-53 быў асвоены ў запланаваных аб’ёмах, выпуск ГАЗ-53Ф быў спынены. Было выраблена 108.365 аўтамабіляў ГАЗ-53Ф[2].
На базе мадэлі ГАЗ-53Ф быў таксама распрацаваны седлавы цягач ГАЗ-53К, аднак у серыю ён не пайшоў.
ГАЗ-53А
[правіць | правіць зыходнік]Буйнасерыйную зборку рухавікоў V8 наладзілі толькі ў канцы кастрычніка 1963 года, але да канца года вырабілі толькі невялікую доследна-прамысловую партыю. Больш-менш устойлівы выпуск ГАЗ-53 пачаўся толькі ў чэрвені 1964 года. Гэтыя машыны мелі абмежаваную грузападымальнасць 3 т, паколькі на заводзе на той момант яшчэ не змаглі распачаць вытворчасць новых гіпоідных задніх мастоў. Па сутнасці ГАЗ-53 з’яўляўся мадэрнізаваным ГАЗ-53Ф, аснашчаным васьміцыліндравым рухавіком[3]. Было выраблена 3426 аўтамабіляў ГАЗ-53.
З чэрвеня 1965 года пачаў выпускацца ГАЗ-53А, які ўяўляў сабой мадэрнізаваны ГАЗ-53. Адрозненне ад папярэдняй мадэлі заключаліся ва ўзмоцненай пярэдняй восі, новай карданнай перадачы і рулявым механізме. Грузападымальнасць была павялічана да чатырох тон.
- ГАЗ-53-01 — мадыфікацыя ГАЗ-53A, якая ўяўляе сабой шасі для ўстаноўкі фургонаў і іншага адмысловага абсталявання[4].
- ГАЗ-53-02 — мадыфікацыя ГАЗ-53A, якая ўяўляе сабой шасі для ўстаноўкі самазвальных кузаваў Саранскага аўтамабільнага завода[5]. У параўнанні з базавым аўтамабілем была на 290 мм паменшана задняя навісь рамы (колавая база пакінутая ранейшая). Таксама ўсталёўвалася каробка адбору магутнасці для прывада гідрапомпы.
- ГАЗ-53-05 — мадыфікацыя ГАЗ-53A, прызначаная для працы з 3-тонным прычэпам[6].
- ГАЗ-53-07 (лістапад 1976—1984) — бартавая газабалонная мадыфікацыя ГАЗ-53A, прызначаная для працы на звадкаваным газе[7]. У якасці рэзервовага паліва для кароткачасовай працы выкарыстоўваўся бензін А-76. На аўтамабіль усталёўваўся рухавік мадэлі ЗМЗ-53-18 (базавы ЗМЗ-53-11, канверсаваны для працы на СНД) са ступенню сціску 8,5 і магутнасцю 88,3 кВт (120 к.с.) пры 3200 аб/хв; круцільны момант 284 Н-м (29 кгс-м) пры 2200—2500 аб/хв. Газавая сістэма харчавання ідэнтычная той, што была ў аўтамабіля ГАЗ-52-07 за выключэннем таго, што быў ужыты газавы балон карысным аб’ёмам 170 л (поўны — 190 л), газавы змяшальнік — СД-250. Аб’ём бензабака рэзервовай сістэмы 60 л.
- ГАЗ-53-40 — шасі для мантажу аўтобусных кузаваў Курганскага аўтобуснага завода[8]. Шасі пастаўлялася з поўным пярэднім апярэннем, але без кабіны — толькі з рамкай лэбавага шкла. Шасі камплектаваліся больш мяккімі рысорамі, паліўным бакам ад ГАЗ-66 і тэлескапічнымі амартызатарамі, змененай тармазной сістэмай і электраабсталяваннем[9].
- ГАЗ-53-50 — экспартная мадыфікацыя ГАЗ-53А для краін з трапічным кліматам[8].
- ГАЗ-53-70 — экспартная мадыфікацыя ГАЗ-53А для краін з умераным кліматам[8].
ГАЗ-53-12
[правіць | правіць зыходнік]Цягам першай паловы-сярэдзіны 1980-х гадоў была праведзена мадэрнізацыя аўтамабіля, пасля якой базавы аўтамабіль атрымаў індэкс ГАЗ-53-12. Ключавымі пунктамі ў пытанні паляпшэння эксплуатацыйных паказчыкаў у параўнанні з ГАЗ-53А акрамя павышэння рэсурсу сталі зніжэнне расходу паліва і павелічэнне карыснай нагрузкі. Велічыню грузападымальнасці паднялі да 4,5 т, пад капотам грузавіка з’явіўся мадэрнізаваны 120-моцны рухавік.
Засваенне абноўленага аўтамабіля праходзіла ў два этапы. Першы этап мадэрнізацыі пачалі ў 1982 годзе. На гэтым этапе былі ўведзеныя змены, скіраваныя на падвышэнне агульнай надзейнасці вузлоў і эфектыўнасці тармазной сістэмы. Для гэтага была ўзмоцнена аснова грузавой платформы, ланжэроны і папярочкі рамы, узмоцнены картэр задняга моста, укаранёна новая задняя падвеска са змененым наборам рысор, павышана эфектыўнасць гідравакуумнага ўзмацняльніка тормазаў, а таксама з канструкцыі скрынкі перадач былі выключаныя сінхранізатары (яны традыцыйна былі слабым месцам). На гэтым жа этапе было перагледжана абліцоўванне радыятара, якое спрасцілася і стала больш тэхналагічным.
На другім этапе засваення ўкараняліся змены, якія датычыліся пытанняў бяспекі: на машынах паступова з’яўляліся новая святлатэхніка, аварыйная светлавая сігналізацыя і тармазная сістэма з раздзельным па восях прывадам, двума гідравакуумнымі ўзмацняльнікамі і сігналізатарам аб разгерметызацыі аднаго з контураў. Рэалізацыя другога этапа была завершана ў 1986 годзе.
Аналагічным чынам былі мадэрнізаваныя і ўсе мадыфікацыі, у тым ліку шасі для надбудоў.
- ГАЗ-53-11 прадстаўляе сабой шасі мадэлі ГАЗ-53-12, прызначанае для мантажу спецыяльных кузаваў[10].
- ГАЗ-53-14 — самазвальнае шасі, прызначанае для паставак на Саранскі і Фрунзенскі заводы[11]. Канструктыўна ГАЗ-53-14 былі аналагічныя шасі ГАЗ-53-02.
- ГАЗ-53-19 — бартавая газабалонная мадыфікацыя ГАЗ-53-12, прызначаная для працы на звадкаваным газе[12]. Выпускалася ў перыяд 1983—1993. У якасці рэзервовага паліва для кароткачасовай працы выкарыстоўваўся бензін А-76.
- ГАЗ-53-27 — бартавая газабалонная мадыфікацыя ГАЗ-53-12, прызначаная для працы на сціснутым прыродным газе[13]. Выпускалася ў перыяд 1984—1990 г[14].
- ГАЗ-53-12-1040 — абноўленае шасі на базе ГАЗ-53-12 для Курганскага аўтобуснага завода для аўтобусаў КАвЗ-685M[15].
Выпуск ГАЗ-53-12 працягваўся да студзеня 1993 года. Агулам было выраблена 3 336 286 аўтамабіляў ГАЗ-53А і ГАЗ-53-12[1].
Канструкцыя
[правіць | правіць зыходнік]ГАЗ-53 прадстаўляюць сабой двухвосевыя грузавыя аўтамабілі капотнай кампаноўкі. Галоўны канструктар — А. Д. Прасвірнын. Вядучыя канструктары — А. І. Шыхаў, В. Д. Запойнаў. Вядучы канструктар рухавіка V8 — П. Э. Сыркін.
Кабіна
[правіць | правіць зыходнік]Аўтамабілі ГАЗ-53 і ГАЗ-52 мелі ўніфікаваную кабіну. Кабіна — металічная, двухмесная.
Першыя версіі аўтамабіляў вызначаліся верхнім размяшчэннем фар у абліцоўванні кабіны. З 1975 года падфарнікі сталі размяшчацца над фарамі, змянілася абліцоўванне радыятара (гэтак званая «усмешка»). З канца 1984 з’яўляецца чарговая, апошняя, версія абліцоўвання — адтуліны рашоткі выцягнуліся, паваротнікі зрушыліся кожны бліжэй да свайго краю. Таксама стаў усталёўвацца некалькі зменены пярэдні буфер без верхняй падножкі-накладкі.
У 1973 годзе аўтамабілі сталі абсталёўваць бакавымі паўторнікамі паказальнікаў павароту, якія размяшчаліся на крылах кабіны, у 1978 годзе на даху кабіны з’яўляюцца штампаваныя рэбры жорсткасці.
Аўтамабілі фарбаваліся ў блакітны, светла-жоўты пясочны і хакі колеры. У 1960-ых — пачатку 1970 гадоў таксама выкарыстоўваліся колеры «кава з малаком» і «марская хваля»[16].
Рухавік
[правіць | правіць зыходнік]ГАЗ-53 меў 8-цыліндравы карбюратарны бензінавы рухавік ЗМЗ-53, з V-падобным размяшчэннем цыліндраў і верхнім размяшчэннем клапанаў. Працоўны аб’ём — 4,25 л, ступень сціску 6,7 і развіваў магутнасць 115 к.с. пры 3200 аб/хв. Рухавік меў галоўку і блок цыліндраў з алюмініевага сплава. Да канструктыўных асаблівасцяў рухавіка варта аднесці сістэму змазкі з фільтрам цэнтрабежнай ачысткі масла (цэнтрыфугай), адкрытую сістэму вентыляцыі картэра, гільзы цыліндраў мокрага тыпу. У 1983 годзе канструкцыя рухавіка была змененая. Новы рухавік ЗМЗ-53-11 адрозніваўся сістэмай змазкі з аднасекцыйным алейным насосам і поўнапатокавым алейным фільтрам, новым карбюратарам К-135, новымі галоўкамі цыліндраў з павялічанай ступенню сціску, ужываннем закрытай сістэмы вентыляцыі картэра. Ужытыя новаўвядзенні дазволілі павялічыць магутнасць рухавіка да 120 к.с. і знізіць на 5-7 % расход паліва.
Шасі
[правіць | правіць зыходнік]Аўтамабіль меў жорсткую раму з сямю папярочнымі бэлькамі[17].
У пярэдняй частцы рамы на дзвюх падоўжных паўэліптычных рысорах замацоўвалася кованая сталёвая пярэдняя вось. У пярэднюю падвеску акрамя рысор ўключаліся таксама тэлескапічныя гідраўлічныя амартызатары.
Ззаду рама абапіралася на бэльку вядучага моста праз пару падоўжных паўэліптычных рысор, злучаных з рамай праз гумовыя падушкі. Акрамя гэтага, задняя падвеска мела дадатковыя рысоры-падрысорнікі, якія разам з асноўнымі рысорамі мацаваліся з дапамогай драбінак да пляцовак паўвосевых рукавоў.
У задняй частцы рамы ўсталёўвалася буксірная прылада з пругкім гумавым элементам. Запасное кола ўмацоўвалася на адкідным кранштэйне з левага боку рамы.
Галоўным адрозненнем самазвальных шасі з’яўлялася рама, скарочаная ў задняй навісі і пазбаўленая раскосаў у шостай папярочкі. Замест цягава-счэпнага прыбору, якім камплектаваліся звычайныя грузавікі, на вертыкальных сценках ланжэронаў самазвальных шасі мантаваліся буксірныя крукі — такія самыя, як на пярэднім бамперы.
ГАЗ-53 адрозніваўся ад ГАЗ-52 узмоцненай задняй падвескай (паўэліптычныя рысоры з закладаннем канцоў у гумавыя падушкі), гіпоідным заднім мостам, памерам колаў (шыны ГАЗ-52 — 7,50-20, ГАЗ-53 — 8,25-20). Руль, тармазы і карданныя шарніры былі ўніфікаваныя, але ў тармазной сістэме быў ужыты гідравакуумны ўзмацняльнік тармазоў[18].
Тэхнічныя характарыстыкі
[правіць | правіць зыходнік]Мадэль | ГАЗ-53Ф[19] | ГАЗ-53А | ГАЗ-53-12 |
---|---|---|---|
Выпуск | 1961—01.1967 | 1965—1983 | 1983—1993 |
Рухавік | ГАЗ-51 (фарсіраваны), 6-цыліндравы, карбюратарны, 4-тактны | ЗМЗ-53, 8-цыліндравы, V-падобны, карбюратарны, 4-тактны, | ЗМЗ-53-11, 8-цыліндравы, V-падобны, карбюратарны, 4-тактны, |
Аб’ём | 3485 см³ | 4254 см³ | |
Дыяметр цыліндра × ход | 82 × 110 мм | 92 × 80 мм | |
Магутнасць | 82 к.с. пры 3200 пры аб/хв | 115 к.с. пры 3200 пры аб/хв | 120 к.с. пры 3200 пры аб/хв |
Каробка перадач | Механічная, чатырохступеньчатая, з сінхранізатарамі на трэцяй-чацвёртай перадачах. | ||
Памеры Д × Ш × В | 6375 × 2380 × 2220 мм | 6395 × 2280 × 2190 мм | |
Колавая база | 3700 мм | ||
Дарожны прасвет | ? | 245 мм | |
Кузаў | Бартавая платформа (3750 × 2180 × 674 мм) | Бартавая платформа (3740 × 2170 × 680 мм) | Бартавая платформа |
Падрыхтаваная маса | ? | 3250 кг | 3200 кг |
Поўная маса | 6600 кг | 7400 | ? |
Грузападымальнасць | 3000-3500 кг | 4000 кг | 4500 кг |
Памер шын | 8,25-20" | ||
Ёмістасць паліўнага бака | ? | 90 л | |
Максімальная хуткасць | 75 км/г | 80 км/г | |
Выдатак паліва | ? | ? | 30,0 л/100км |
Эксплуатацыя
[правіць | правіць зыходнік]Аўтамабілі ГАЗ-53 выпускаліся амаль 30 гадоў і ў свой час былі самымі масавымі грузавікамі ў СССР. Грузавікі гэтага сямейства выкарыстоўваліся практычна ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі Савецкага Саюза: сельская гаспадарка, сфера будаўніцтва, грузавыя перавозкі (перавозкі пошты, мэблі, хлебабулачных вырабаў, харчовых і прамысловых тавараў) і інш.
У 1970-х—пачатку 1980-х гадоў аўтапаркі савецкіх калгасаў на 80 % складаліся з ГАЗ-53[1].
На базе сямейства мантавалася значная колькасць адмысловых надбудоў. На шасі ГАЗ-53 выпускаліся палівазапраўшчыкі і паліватранспартавальнікі, цыстэрны для перавозкі вады і малака, аўтафургоны, самазвалы, аўтамабільныя краны, пажарныя і шмат іншых, як шырока, так і вузка спецыялізаваных аўтамабіляў. Выпускаліся аўтобусы, якія выкарыстоўвалі шасі ГАЗ-53.
Ва ўзброеных сілах СССР аўтамабілі ГАЗ-53 выкарыстоўваліся ў асноўным на агульных транспартных перавозках у якасці дапаможных сродкаў дастаўкі асабістага саставу і грузаў у інтэнданцкіх, харчовых і паліўных тылавых службах, а таксама ў камунальнай гаспадарцы буйных ваенных падраздзяленняў, аэрадромаў, партоў і ваенных гарадкоў. У сістэме выканання пакаранняў ужываліся спецыяльныя аўтамабілі з закрытымі кузавамі для перавозкі арыштаваных і зняволеных (аўтазакі)[20].
Адпускная цана ГАЗ-53-12 складала 3458 рублёў 50 капеек, прыбытак завода складаў 510 рублёў 57 капеек з улікам надбаўкі за Дзяржаўны Знак якасці СССР[21].
Экспарт
[правіць | правіць зыходнік]У 1967—1991 гады аўтамабілі ГАЗ-53А і 53-12 збіраліся з савецкіх зборачных камплектаў на балгарскім прадпрыемстве «Мадара» у горадзе Шумен. Характэрна, што з пачатку 70-х аўтамабілі балгарскай зборкі абсталёўвалі 80-моцным дызелем вытворчасці варненскага маторабудаўнічага завода «Васіл Колар», якія выпускаліся па ліцэнзіі англійскай фірмы Perkins. У 80-х сярэднегадавы выпуск ГАЗ-53 прадпрыемствам «Мадара» дасягнуў 3000 адзінак.
Асобныя партыі аўтамабіляў збіралі з машынакамплектаў на Кубе.
ГАЗ-53А і яго мадыфікацыі шырока пастаўляўся на экспарт. Першыя партыі на знешні рынак былі адпраўленыя адразу пасля пачатку выпуску — у 1965 годзе, а неўзабаве былі распрацаваны спецыяльныя экспартныя мадыфікацыі ГАЗ-53-50 і ГАЗ-53-70. Аўтамабілі пастаўляліся амаль у 50 краін свету. Пераважна пастаўкі ажыццяўляліся ў ГДР, Венгрыю, Чэхаславакію, Польшчу, Югаславію, Фінляндыю, Кубу, В’етнам, КНДР, Лаос і Манголію. Пастаўлена на экспарт 61 100 машын[22].
У філатэліі
[правіць | правіць зыходнік]-
ГАЗ-53А на паштовай марцы СССР, 1986 год
-
На паштовай марцы Азербайджана, 2013 год
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в Целибеев С. Массовый труженик : [об автомобиле ГАЗ-53] // Автозаводец. — 2020. — 2 июля (№ 27). — С. 6. — (Машины времени) (руск.)
- ↑ "«М20. Победа»". №90. «DeAgostini». 2014: 11. ISSN 2305-4026.
{{cite journal}}
:|volume=
мае залішні тэкст (даведка); Шаблон цытавання journal патрабуе|journal=
(даведка) (руск.) - ↑ "«М20. Победа»". №99. «DeAgostini». 2015: 5-6. ISSN 2305-4026.
{{cite journal}}
:|volume=
мае залішні тэкст (даведка); Шаблон цытавання journal патрабуе|journal=
(даведка) (руск.) - ↑ https://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz5301.html
- ↑ https://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz5302.html
- ↑ https://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz5305.html
- ↑ https://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz5307.html
- ↑ а б в НИИАТ 1985, с. 60.
- ↑ https://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz5340.html
- ↑ https://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz5311.html
- ↑ https://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz5314.html
- ↑ https://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz5319.html
- ↑ ГАЗ вместо бензина(руск.) // За рулём : часопіс. — 1985. — № 3. — С. 15.
- ↑ https://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz5327.html
- ↑ https://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz53121040.html
- ↑ https://denisovets.ru/gaz/gazpages/gaz52-53.html
- ↑ https://modelist-konstruktor.com/avtosalon/gruzovoj_avtomobil_gaz_53a
- ↑ "«М20. Победа»". №96. «DeAgostini». 2015: 5. ISSN 2305-4026.
{{cite journal}}
:|volume=
мае залішні тэкст (даведка); Шаблон цытавання journal патрабуе|journal=
(даведка) (руск.) - ↑ Грузовой автомобиль ГАЗ-53Ф(руск.) // За рулём : часопіс. — 1962. — № 7. — С. 15.
- ↑ Кочнев Е.Д. Автомобили советской армии 1946-1991. — «Яуза, Эксмо», 2011. — 640 с. — ISBN 978-5-699-46736-5. (руск.)
- ↑ Сколько зарабатывали автозаводы в СССР во времена Перестройки (руск.). машина // zen.yandex.ru (16 чэрвеня 2020). Праверана 26 ліпеня 2020.
- ↑ Советский грузовой экспорт – куда и сколько? (руск.). mpark.pro (3 снежня 2019). Праверана 11 студзеня 2020.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- ГАЗ-52 и другие(руск.) // Грузовик Пресс : часопіс. — 2006. — № 01.
- ГАЗОН: ИСТОРИЯ В КАРТИНКАХ(руск.) // Коммерческий транспорт : часопіс. — 2015. — № 1 (117). — С. 12, 13, 16.
- Наследники «пятьдесят первого» семейства(руск.) // Коммерческий транспорт : часопіс. — 2015. — № 1 (117). — С. 74–79.
- ГАЗ, САЗ и технический прогресс(руск.) // Коммерческий транспорт : часопіс. — 2015. — № 5 (121). — С. 106–111.
- Краткий автомобильный справочник НИИАТ (руск.). — 10-е изд. — М.: Транспорт, 1985. — 220 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме ГАЗ-53
- Падабенствы і адрозненні сямействаў ГАЗ-52/53 (руск.)